15.08.2019 / 11:08

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вынесла на грамадскае абмеркаванне праект змяненняў у пастанову патрабаванняў да ўтрымання ці развядзення дзікіх жывёл у няволі. Каго ён тычыцца і што зменіцца?

Як зазначаецца на партале pravo.by, праект пастановы павінен удасканаліць рэгуляванне ўтрымання і развядзення асобных груп дзікіх жывёл ў няволі з улікам правапрымяняльнай практыкі і ліквідацыі неадназначнага тлумачэння асобных нормаў.

У сваю чаргу кансультантка Цэнтра дапамогі дзікім жывёлам "Сірын" Анастасія Жаўрыд не выключае, што такі захад можа быць зроблены ў тым ліку з-за актыўнай дзейнасці Цэнтра. З-за пастаяннай неабходнасці рэгістраваць "сваіх" гадаванцаў, а таксама камунікаваць з галіновымі дзяржорганамі, узнікалі пытанні, якія не былі адлюстроўваныя ў папярэдняй пастанове. Але не знайшлі яны сваё месца і ў новым праекце.

"Для нас прынцыповым пытаннем з'яўляецца рэабілітацыя жывёл. І зараз, у сувязі са змяненнем памераў вальераў, у нас ствараецца калізія, бо калі, напрыклад, у птушкі пашкоджана крыло, яе нельга саджаць у вялікі вальер, а па закону мы будзем абавязаныя так рабіць. Як з гэтым быць? Пакуль адказу няма ні ў самаго Міністэрства, ні ў камісіі, што нас правярае", — зазначае Анастасія.

Праблема з арганізацыяй адпаведных умоў для рэабілітацыі выцякае з таго, што ў нашай краіне не існуе ўстаноў, якія б стала займаліся гэтым. Так, дзікіх жывёлаў могуць перадаць ветстанцыям ці заапаркам, але наколькі там могуць паклапаціцца пра правільнае ўтрыманне — невядома.

"Ствараецца сітуацыя, калі дзікія жывёлы і птушкі знаходзяцца ў падвешаным стане. Фактычна па заканадаўстве іх чапаць нельга да прыезда спецыяльнай камісіі, а камісіі іх няма куды прызначыць, ды й на выклік яны выязджаюць не імгненна. Найчасцей жывёла проста гіне", — падкрэслівае Анастасія Жаўрыд.

Ці будзе пастанова мець уплыў на забаўляльны і жывёлагадоўчы бізнэсы — застаецца пад пытаннем. Выпадкаў, калі мабільныя заапаркі выклікаюць незадавальненне ў саміх наведвальнікаў па ўмовах утрымання жывёл, — дастаткова, але нічога не замінае ўладальніку крануцца з месца, змяніць лакацыю.

Гэта ж тычыцца і фотаіндустрыі з дзікімі жывёламі, нягледзячы на тое, што прадпрымальнікі павінны забяспечваць жывёл годнымі ўмовамі ўтрымання, яны пазбягаюць адказнасці.

"У Сірын ёсць ліса, што была выкуплена з футравай фермы. Нас спрабавалі абавязаць займець акт на яе выманне. Аднак, калі мы запыталі пра стаўленне да звераферамаў, апынулася, што іх жывёлы не лічацца дзікімі, адпаведна актаў на іх не патрабуецца. Адсюль таксама не зразумела якім чынам такіх жывёл абараняць, — кажа Анастасія. — Увогуле, усё што тычыцца палявання ці эксплуатацыі — больш менш усталявана, а вось з выратаваннем і рэабілітацыяй — узнікаюць неадназначнасці".

Змяненні, якія тычыцца ўсталявання тэрміна ў 30 дзён на захаванне (выманне дзікіх жывёл), а таксама на продаж і эспанаванне на мабільных выставах дзікіх жывёл, — застаюцца незразумелымі ў пункце галіны, у якой будуць дзейнічаць.

Калі гэта перыяд для правядзення выставы — справа адна, у выпадку магчымага часу рэабілітацыі жывёлы — іншая. Як падкрэслівае Анастасія, вельмі складана абмежаваць лячэнне істоты нейкім пэўным тэрмінам, траўмы могуць быць рознай ступені складанасці і адпаведна камусьці спатрэбіцца некалькі тыдняў на аднаўленне здароўя, а камусьці паўгады.

У астанім жа прынцыповых змяненняў праект у пастанову не ўносіць.

Сыходзячы са сваёй дзейнасці Цэнтр дапамогі дзікім жывёлам падрыхтаваў каментары да пастановы. Акрамя пункта пра рэабілітацыю, унеслі прапанову пра абаснаванне  выпуску дзікіх жывёл на волю.

Да гэтага моманту, калі жывёла прайшла лячэнне і гатова вярнуцца ў навакольнае асяроддзе Сірын мусіў атрымаць дазвол ад спецыялістаў. Пакуль удавалася ўзгадняць дзеянні з мясцовымі спецыялізаванымі органамі.

Аднак ад Міністэрства прыродных рэсурсаў паступіла прапанова браць дазвол ў супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук і за адпаведную аплату. На думку Анастасіі Жаўрыд, такая працэдура не ўлічвае момант рэабілітацыі. Цэнтр не займаецца рассяленнем дзікіх жывёл, а вяртае ў асяроддзе тых, якія ім пражывалі:

"Гэта нашы агульныя жывёлы — Рэспублікі Беларусь. Сірын лечыць іх за свае сродкі, дык няхай хоць у прыроду выпускае за так".

Пасля сканчэння тэрміну правядзення грамадскіх абмеркаванняў усе ўнесеныя заўвагі і прапановы да праекту змяненняў пастановы павінны разгледзіць спецыялісты.

Аднак ці будуць яны ўлічаны, стане вядома толькі па факце прыняцця і публікацыі канчатковага варыянту дакумента Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость