15.11.2022 / 12:11

Сустрэча ў Шарм-эль-Шэйхе набірае абароты. Прадстаўнікі розных краін ужо зрабілі першыя заявы, але пакуль яны больш выглядаюць як практыкаванні ў рыторыцы.

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Зялёны партал ужо прыводзіў словы сусветных лідараў пра тое, што пытанне клімату сёння павінна быць галоўным. Найбольш яскравай была заява сакратара ААН Антоніў Гутэрыша аб тым, што мы рухаемся да «кліматычнага пекла».

Але як гэта спыніць? Чаго можна было б дасягнуць краінам свету пад час гэтага COP? Разважае аўтар Зялёнага парталу Аляксей Аўчыннікаў.

 

Зрабіць так, каб выкарыстанне вугляроднага паліва не было эканамічна выгадным

Гэта галоўнае пытанне, якое магчыма было б вырашыць ужо на гэтым саміце. Перш за ўсё таму, што ўкраінскія эколагі зрабілі шмат працы, каб вугляроднае паліва асацыявалася з аўтарытарнымі рэжымамі, якія распачалі вайну. Тут можна прыгадаць такія ініцыятывы і кампаніі, як Razom We Stand і Stand with Ukraine. Яны рупяцца аб тым, каб было ўведзена эмбарга на імпарт расійскага вугляроднага паліва і каб былі ўключаны механізмы абмежавання цэн на расейскую нафту, газ і вугаль на сусветным рынку.

Зразумела, гэта непростае і не папулісцкае рашэнне, бо вугляроднае паліва застаецца галоўным рухавіком большасці эканомік. Але ж калі рабіць такія змены, то менавіта зараз. Калі падтрымка Украіны ў Еўропе і ЗША застаецца на высокім узроўні. Гэта можа дапамагчы спыніць выкарыстанне вугляроднага паліва калі не ва ўсім свеце, то ў краінах, якія першымі ўзялі на сябе «кліматычную адказнасць».

Нагадаем, што ўплыў вугляроднага паліва на парніковы эфект застаецца галоўным пытаннем, якое неабходна вырашаць. Як распавядае Guardian, у гэтым годзе выкіды парніковага газа СО2, выкліканыя выкарыстаннем выкапнёвага паліва, дасягнулі рэкорднага паказчыка і склалі 36,6 гігатон у год. Найбольшым «забруджвальнікам» застаецца Кітай з 11 гігатонамі ў год. Але ж паказчыкі Еўразвяза таксама павялічваюцца і складаюць ужо 2,8 гігатоны.

Але як гэта адмовіцца ад нафты і газа? Перш за ўсё неабходна, каб выкарыстанне вугляроднага паліва стала эканамічна нявыгадным. Гэтага можна дамагчыся праз вугляродныя падаткі на само паліва, а таксама на тавары, якія былі зроблены з яго выкарыстаннем.

Падтрымліваць энергаэфектыўную прамысловасць, звязаную з цыркулярнай эканомікай і выкарыстаннем узнаўляльных крыніц энергіі. Амаль тое ж самае, што прапісана ў стратэгіях Green deal. Неабходна як мага хутчэй дамовіцца аб гэтых механізмах, заручыцца дапамогай і падтрымкай бізнесу, і пачаць шлях адмовы ад вугляроднага паліва.

 

Вырашыць пытанне фінансавай дапамогі Сусветнаму поўдню

Яшчэ адным вялікім пытаннем кліматычнай палітыкі з’яўляецца дысбаланс паміж багатай поўначчу і бедным поўднем. На поўначы знаходзяцца краіны, якія перш за ўсё адказныя за выкіды парніковых газаў у паветра. На поўдні – краіны, якія больш за ўсіх пакутуюць ад змен клімату. Але ж апошнія з’яўляюцца найбольш адсталымі і зацікаўленымі ў эканамічным росце, што сёння можа прадугледжваць тое ж выкарыстанне выкапнёвага паліва.

Гэта даволі складанае пытанне, але ж вырашыць яго на саміце, які якраз адбываецца ў Афрыцы, было б добра. Трэба стварыць празрыстыя і сталыя механізмы дапамогі краінам, якія ўжо сёння сутыкаюцца з пытаннямі адаптацыі і мітыгацыі да змен клімату.

Але ж вялікія краіны не такія аднадушныя ў гэтым рашэнні і спрабуюць пазбавіцца адказнасці. Так, напрыклад, прэзідэнт Францыі ўжо казаў на саміце, што яго дзяржава чакае ад сваіх партнёраў, калі яны возьмуць на сябе частку абавязкаў. Неяк перанесці адказнасць спрабуюць і іншыя кліматычныя дыпламаты. Напрыклад, Кітай і Індыя, якія адмаўляюцца ад прапановы астраўных краін плаціць кліматычныя кампенсацыі.

Неабходнасць дапамогі Сусветнаму поўдню – гэта тое, з чым амаль усе кліматычныя дыпламаты згодныя, але ніяк не дамовяцца, як гэта рабіць. Найлепшым выйсцем было б прымусіць гэта рабіць так званых «вугляродных мільянераў». Да якіх належаць не толькі дзяржавы, але ж і кампаніі. Якія пакуль часцей робяць толькі сімвалічны ўнёсак у вырашэнне праблемы змены клімату.

 

«Вугляродныя мільянеры» павінны прыняць адказнасць за дапамогу краінам, якія больш за ўсіх пакутуюць ад змены клімату

Як сведчаць даследаванні інвестыцый 125 найбагацейшых мільярдэраў свету, у сярэднім яны прыводзяць да выкіду 3 мільёнаў тон у год. Што больш, чым у мільён разоў перавышае сярэдні паказчык 90 % чалавецтва. Таму можна казаць, што пытанне змены клімату – гэта тое пытанне, якое стварыла і працягвае ствараць невялікая група людзей для ўсіх іншых.

Ствараецца ўражанне, што вялікі бізнес разумее гэта, таму часцей заяўляе пра розныя праекты па фінансаванню. Напрыклад, Google ужо распавёў на гэтым саміце, што гатовы ўкласці мільярд даляраў у падтрымку праектаў па дігіталізацыі Афрыкі. Але ж невядома, як гэта паўплывае на пытанне змены клімату.

Добра, калі такія механізмы фінансавай дапамогі будуць празрыстымі, распавядуць, куды і як пойдуць грошы. Як яны паўплываюць на вырашэнне кліматычных пытанняў. Калі, напрыклад, Google плануе заваяваць рынак Афрыкі за кошт інвестыцый – гэта адно. Калі ў яго ёсць сапраўдны план, як гэта дапаможа адаптацыі да змены клімату – гэта зусім іншае.

Кожны год краіны, якія развіваюцца, патрабуюць трыльёна даляраў ЗША інвестыцый. Гэта даволі шмат. Так, каб параўнаць, ВУП ЗША ў 2021 годзе склаў 23 трыльёна даляраў, а, напрыклад, Кітая – 17,3 трыльёна. Той жа Google зарабіў 0,182 трыльёна (182 мільярда).

Але ж калі паглядзець на заробкі «вугляродных мільянераў» наогул, то гэтую суму можна знайсці. Галоўнае, каб людзі зразумелі – калі нічога не рабіць зараз, то выдаткі на адаптацыю будуць толькі павялічвацца. У наступным годзе можа спатрэбіцца значна больш грошай.

Куды пойдзе гэты трыльён? Перш за ўсё на тое, каб развіццё эканомікі, прамысловасці, грамадства краін было накіравана на дасягнення кліматычных мэт. Насамрэч гэта даволі добрыя інвестыцыі, таму што калі краіны, якія зараз толькі развіваюцца, адыдуць ад індустрыяльнай мадэлі прамысловасці і выдаткаванай сельскай гаспадаркі, то больш развітыя краіны вымушаны будуць таксама гэта зрабіць.

Трэба зразумець, што гэта новыя рынкі, новыя тэхналогіі, новыя магчымасці. Але ж, па-першае, неабходна, каб тыя мільёны, якія былі заробленыя на выкідах парніковых газаў і спажывецкім падыходзе да зямлі, былі сёння накіраваны на мэты дасягнення кліматычнай нейтральнасці ва ўсім свеце.

 

Сусветная кліматычная палітыка павінна быць больш празрыстай

Каб дасягнуць гэтага, патрэбныя новыя механізмы ўдзелу грамадскіх актывістаў. Вялікае пытанне, якое ўзнімаецца з боку кліматычных і грамадскіх актывістаў да кліматычных дыпламатаў – чаму яны не выконваюць свае абяцанні. І тут справа не ў тым, што гэтыя абяцанні проста выканаць.

Дасягнуць вугляроднай нейтральнасці вельмі складана. Але ж незразумела, што робіцца, з якімі складанасцямі гэтыя працэсы сутыкаюцца, якія насамрэч рашэнні прымаюцца. Таму чым больш сусветнае грамадства будзе разумець, што адбываецца і мець механізмы ўплыву на кліматычных палітыкаў – тым будзе лягчэй.

Пэўна, гэта патрабуе перагляду фармату саміту і самой рамачнай Канвенцыі, пераносу акцэнту з нацыянальных дзяржаў і карпарацый на грамадскія суполкі. Кліматычныя дыпламаты павінны адмовіцца ад падыходу «у нас усё пад кантролем» і празрыста распавесці, што адбываецца, чаго яны змаглі дасягнуць і якія пытанні вырашыць магчыма, а якія патрабуюць працы ўсёй сусветнай суполкі. Таму што калі без хлусні распавядаць, што атрымліваецца, а што не, то можна знайсці новыя, нетрывіяльныя вырашэнні.

Сёння ў свеце шмат навукоўцаў, актывістаў, нават бізнеса, якія гатовыя ўкласці свае рэсурсы, сілы і грошы, каб хутчэй распрацаваць механізмы адаптацыі да змены клімату і змякчыць наступствы. Але ж трэба, каб ім далі магчымасць.

Каб яны мелі інфармацыю і механізмы ўплыву. І адбудзецца гэта тады, калі ўлады і тыя ж самыя «вугляродныя мільянеры» скажуць людзям зямлі: «Прабачце. У нас не атрымліваецца дасягнуць кліматычнай нейтральнасці. Можаце дапамагчы?».

Галоўнае, каб напрыканцы саміту мы не пачулі словы пра новыя дамоўленасці без разумення, што яны сабой уяўляюць, а таксама пра «пазітыўныя з’явы». Сёння людзям патрэбныя канкрэтныя дзеянні, празрыстыя механізмы і зразумелыя адказы, што робіцца, каб былі дасягнуты мэты кліматычнай нейтральнасці ва ўсім свеце, і калі гэтага не атрымліваецца, то чаму. 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость