18.12.2018 / 10:12

Напярэдадні зімовых святаў праект "Тандэм. Зялёны горад для ўсіх" таварыства "Зялёная сетка" зрабіў серыю тактыльных планшэтак для спецыялізаваных школ, дзе навучаюцца дзеткі з аслабленым зрокам і невідучыя. Такім чынам, каманда праекта спадзяецца, што з самага малога ўзросту для людзей з асаблівасцямі зроку свет прыроды стане бліжэй і больш зразумелым.

Выглядаюць яны даволі касмічна — на пластыкавых празрыстых шыльдах размешчаныя рознай формы элементы аб'ектаў для вывучэння — інфузорыя туфелька, амёба, бактэрыяльная клетка, структура лісця і г.д., падпісаныя шрыфтам Брайля.

Зялёны партал паразмаўляў з каардынатаркай праекта Аленай Хлопцавай пра ідэю такіх  дапаможнікаў для дзяцей з асаблівасцямі зроку і яе рэалізацыю.

Як узнікла ідэя стварэння тактыльных дапаможнікаў?

–  Працуючы над праектам, мы захапіліся рашэннем задач па знаходжанні эфектыўнага, эстэтычнага, цікавага для ўсіх спосаба распавесці людзям з аслабленым зрокам пра розныя рэчы: ад тлумачэння, якім чынам арганізаваць прастору, да выканання ўтылітарных рэчаў — дапамагчы зарыентавацца ў прасторы і кудысьці самастойна дайсці. Паступова, знаходзячы варыянты і спосабы, разумеючы, што яны працуюць, мы пашыралі і ўскладнялі для сябе задачы. Скажам так, быў імпэт, ідэй накапілася шмат, хацелася паспрабаваць.

Якім чынам выбіралася аб'екты, праілюстраваныя на планшэтках?

– Паколькі праект у цэлым прысвечаны экалагічнай адукацыі, выбар звузіўся да канкрэтных прадметаў, звязаных з тэматыкай праектам. Зразумела, мы размаўлялі з настаўнікамі пра спецыфіку работы з дзецьмі з асаблівасцямі зроку, метадах выкладання, дапаможніках, прыладах, якія выкарыстоўваюцца для тлумачэння матэрыяла. Бо гэтыя дзеткі вучацца па агульнаадукацыйнай праграме, так сама, як і дзеці, якія не маюць праблем са зрокам. Некаторыя рэчы ім можна пастарацца патлумачыць метадамі аналогіі, хоць для іх такі спосаб не зусім прыдатны, бо ў такіх дзіцей меней накопленага досведу, які можна задзейнічаць. Даць такі ж матэрыял невідучаму яшчэ цяжэй.

Нас захапіла гэта задача. І калі мы зрабілі фізічныя матэрыялы, стала зразумела, што яны ідэальныя для работы не толькі для невідучых, але і ў простых агульнаадукацыйных школах. Бо сучасным дзецям нашмат прасцей і хутчэй успрымаць інфармацыю візуальную, чым уяўляць у выглядзе натацыі. Ды й найлепей, калі тое, пра што распавядаюць, можна памацаць.

Яшчэ адзін важны момант — праца з матэрыялам, які і для відучых у паўсядзённым жыцці застаецца па-за межамі бачання. Напэўна ж, і зараз тэмы атамаў, клетак, фізічных з'яваў тлумачыцца з дапамогай мадэляў.

– Каму па выніку дастануцца такія пераднавагоднія падарункі-дапаможнікі?

– Мы даслалі іх ва ўстановы Беларусі, якія навучаюць невідучых і дзяцей з аслабленым зрокам — мінскую школу № 188, школы-інтэрнаты ў Маладзечна, Гродна, Васілевічах у Гомельскай вобласці, Жабінка ў Брэсцкай вобласці, Шклове. На жаль, зрабіць шмат экзэмпляраў не атрымалася ў сілу відавочных фінансавых прычын. Аднак мы ўсведамляем, што перад тым, як штосьці рабіць у вялікай колькасці, трэба атрымаць водгукі пра досвед працы з такімі дапаможнікамі. Магчыма мы штосьці не ўлічылі. Скажам так, пакуль мы зрабілі тэставыя экзэмпляры.

– Хто дапамог у вырабе праншэтак?

– Усё прыдумлялі і рабілі сваёй невялікай праектнай камандай, дакладней — тры чалавека. Дапамогалі нам у пошуку нетравіяльных падыходаў да працы з простымі матэрыяламі, людзі, якія рэжуць, піляць, фрэзеруюць і фарбуюць. Часта нам даводзілася чуць адказы на нашыя запыты: "Гэта не магчыма!" Але некаторыя адгукнуліся на заклік: "А калі падумаць".

– Што яшчэ магчыма стварыць для адукацыі дзяцей з асаблівасцямі зроку?

– Думаю, пачынаць неабходна з працы з бацькамі. Я прысутнічала на агульнашкольным сходзе і мяне шакавала, калі толькі двое бацькоў станоўча адказалі пра тое, што іх дзеці ўмеюць карыстацца кійком. На жаль, часта дзецям з асаблівасцямі зроку навязваюць уяўленне пра сябе як да "нямоглых інвалідаў" у сям'і. Дзіця не вучаць самастойнасці, ён не ўмее наліць сабе ў шклянку чай, не здольны сам перамяшчацца па-за кватэрай. У дачыненні да школ, то практычна са старта пачынаць неабходна з дапаможнікаў.

Праект "Тандэм. Зялёны горад для ўсіх" ствараўся з мэтай зрабіць больш адкрытай гарадскую прастору для невідучых і людзей з аслабленым зрокам, дапамагаць ім пазнаёміцца з навакольным светам, даць магчымасць адчуць сябе часткай грамадства. І ў той жа момант зрабіць іх бачнымі для іншых гараджан. Немалаважнай часткай праекта стала экалагічная адукацыя і разуменне таго, што стан наваколля датычны кожнага — любы чалавек у праве ў роўнай ступені ўплываць на прыняцце экалагічна важных пытанняў і карыстацца рэсурсамі.

Намаганнямі невялікай праектнай каманды з траўня па канец верасня бягучага года ў сталічных парках ладзіліся незвычайныя экскурсіі. Людзі з асаблівасцямі зроку разам з інструктарамі вучыліся ездзіць на веласіпедах-тандэмах, знаёміліся з прыроднымі куткамі Мінска.

Дзякуючы такой магчымасці аднаму з удзельнікаў праекта нават удалося праехацца па зялёным велакальцы сталіцы — маршруце для аматараў актыўнага і медытатыўнага адпачынку, які прэзентавала Мінскае роварнае таварыства на пачатку чэрвеня.

Яшчэ адзін унёсак, які зрабіў праект у развіццё асяроддзя для невідучых і людзей з аслабленым зрокам, — адаптацыя Батанічнага сада пад патрэбы і магчымасці такіх людзей.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость