Гэты вялікі праект сяброў ГА “Чыстая вада”, якое курыруе кампанію “У абарону беларускіх балот”, зладзілі ў 2014 годзе, фундатарам быў Рэгіянальны экалагічны цэнтр (Венгрыя). Былі выдадзеныя паштоўкі з выявамі кампазіцый, зробленых падчас фестывалю “Багна” на балоце Морачна, а фільм пачынаючы з лютага з’явіцца ў вольным доступе ў сеціве.
Іх плошчы нашых балотаў
“Паўсюль – і ў Растове, і ў Харкаве, і ў Маскву, і ў Адэсе, і ў Днепрапятроўку – дзе яны толькі не былі”, - расказваюць пра продаж чырвоных кіслых журавін бабулі, седзячы на лаўцы, нібы сяброўкі-школьніцы. Яны з вёскі Гарадня (блізу балота Морачна).
Праскоф’я Ільчэўская з гэтай жа вёскі гадоў у 18 сама пачала вазіць ягады ў Растоў: “Па 50 капеек стакан – гэта што хочаш можна было купіць. Рубль быў вельмі дарагі – я і шафу сабе набыла, і машыну швейную, і койку, як замуж выходзіла”.
“Выходзіць, задарма працавалі: заплацяць капеек 30 ці 70 на дзень – такія былі заробкі ў калгасе”, - дадае, як і многія тут, з выяўным украінскім маўленнем іншая бабуля.
Зараз іх балоты “здзічэлі”, пазарасталі, як кажуць з экрана яны і іншыя героі фільма. У дакументах гэта значыцца суха - змяншэнне плошчы балот з 2939 да 863 тысячы гектар за 50 год. І можа быць, што балотаў зробіцца яшчэ менш.
Гараджанам, якія рэдка бываюць у вёсцы
“2013 год у нас быў прысвечаны адвакатыўным практыкам, мы намагаліся на заканадаўчым узроўні абараніць кожную тэрыторыю [з тых, што меліся быць асушанымі паводле пастанаўлення № 794, - аўт], - кажа Вольга Каскевіч, каардынатарка ГА “Чыстая вада”.
- У гэты ж час мы працавалі з людзьмі і разумелі, што ў гарадах многія не ўсведамляюць важнасць балот у Беларусі і свеце. І мы вырашылі зладзіць некалькі культурных праектаў і трансляваць значнасць захавання балот праз медыі.
Мы ў экспедыцыях знаёміліся з жыццём балот і разумелі, што людзі, якія жывуць непасрэдна ля іх – частка экасістэмы. Яны вельмі шмат год, напрацягу ўсяго свайго жыцця, зараблялі з балот. Слухаючы гісторыі людзей, мы зразумелі, што вельмі хочам паказаць гэтае жыццё гараджанам, якія рэдка бываюць у вёсцы”.
Гэты фільм – нешта кшталту летапіса жыцця тутэйшых, якія правялі побач з балотамі ўсё сваё жыццё і памруць тут. Ён доўжыцца каля 25 хвілін (рэжысёр – Ігар Чышчэня, дапамагала Насця Якавіцкая). Палову кадраў можна ставіць на працоўны стол дзякуючы здымачнай групе з шасці чалавек, а аўтарства музыкі для фільма належыць гурту “НагУаль”.
Фестываль на балоце
Прэзентавалі фільм у той жа вечар, што і адчынілася “Багна”. Куратар выставы - мастак Базыль з Маладэчна, распавёў, як яна нараджалася на балоце Морачна :
“Мы прыдумалі фестываль творчых практык, куды паспрабавалі запрасіць розных людзей. Выцягнулі іх з асяродку, у якім ім камфортна, і прывезлі ў той, якога яны не ведалі. Там давялося жыць і прызвычайвацца.
Адной з асноўных мэтаў была рэфлексія над тым, што яны ўбачаць. У нас было жывое балота і балота, якое адчула з боку чалавека гвалт, якое асушанае. Задачай было выкарыстаць прынцып нулявога ўплыву – ствараць з таго, што будзе ў самой прыродзе”.
На выхадзе атрымаліся лаўцы сноў, сухія вянкі, мапы балот з імху – цэлая экспазіцыя, якую каля сотні чалавек разглядалі, папіваючы гарачы напой з тых самых балотных журавін.