03.11.2016 / 16:11

Пытанне барацьбы за сквер «Котаўка» стаіць сёння, як ніколі, востра. Не так даўно стала вядома пра новы дазвол на правядзенне мантажна-будаўнічых прац у парку. А на наступным тыдні павінны прайсці грамадскія абмеркаванні па ўнясенню змен у план дэтальнага планавання. На думку юрыдычнай службы Таварыства «Зялёная сетка», абмеркаванні папросту ўзаконяць рашэнне па выдзяленню пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. Атрымоўваецца, што чыноўнікі і прадстаўнікі каталіцкай абшчыны быццам бы не чулі і не збіраюцца пачуць мясцовых жыхароў і іх просьбы захаваць сквер некранутым. Разбіраючыся ў складанай сітуацыі, карэспандэнты Зялёнага партала прайшліся і паглядзелі, як выглядаюць тэрыторыі вакол сталічных храмаў.

Няхай сёння сквер «Котаўка» больш паходзіць на недагледжаную зялёную зону ў звыклым яе разуменні: тут няма ні арганізаваных сцяжынак, ні сметніц, а пра былую дзіцячую пляцоўку нагадваюць толькі іржавыя рэшткі ад спартыўных снарадаў. Раніцай і вечарам сквер поўніцца сабачнікамі, днём тут гуляюць маладыя бацькі з каляскамі. Усе ведаюць адзін аднаго, вітаюцца. Котаўка стала месцам сустрэч і яднання людзей, чаго зараз так не хапае ў вялікім і шматпавярховым мегаполісе.

Аднак, на жаль, яшчэ больш аб'яднала мясцовых жыхароў вакол сквера рэальная пагроза згубіць яго частку, якая павінна адыйсці пад будаўніцтва касцёла. Вясной бягучага года была распачатая першая спроба арганізаваць будаўнічую пляцоўку. Дзякуючы намаганням жыхароў і актывістаў гэтаму намеру ўдалося перашкодзіць. Людзі ў літаральным сэнсе баранілі дрэвы ад бензапілаў, а затым прыцягнулі да справы па абароне скверу спецыялістаў-арнітолагаў, якія вынайшлі на тэрыторыі, што адыходзіла пад забудову, гнёзды птушак. Гэта дало магчымасць адцягнуць спіл дрэваў да жніўня.

Так супала, што ў жніўні ў забудоўшчыка — абшчыны «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэнод» — скончыўся дазвол на правядзенне мантажна-будаўнічых прац, і да самай восені не было ніякай інфармацыі пра тое, што яго збіраюцца працягнуць. Гэта нібы дало адхланне ў барацьбе і надзею, што сквер не крануць. Аднак на мінулым тыдні актывістам Зялёнай сеткі стала вядома, што забудоўшчык атрымаў новы дазвол на правядзенне прац у Котаўцы. І гэта нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў і спробы эколагаў данесці да адміністрацыі раёна незаконнасць такіх дзеянняў.

Яшчэ пры першай сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Савецкага раёна і з ксяндзом Змітрам, мясцовых жыхароў стараліся пераканаць, што будаўніцтва касцёла будзе выключна на карысць самому скверу. Па словах чыноўнікаў, гэта дасць падставы для добраўпарадкавання Котаўкі: арганізацыі сцяжынак, лавачак і ўсталявання сметніц, у чым павінны дапамагчы забудоўшчык, бо ў горада няма сродкаў. Пра навядзенне пэўнага парадку ў скверы пасля будаўніцтва касцёлу сказаў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З яго слоў, так адбываецца паўсюдна, дзе ёсць касцёл ці царква, і такому месцу будуць рады як вернікі, так і простыя грамадзяне.

Каб упэўніцца ў справядлівасці слоў адміністрацыі і прадстаўнікоў каталіцкай абшчыны карэспандэнт Зялёнага партала разам з Ігарам Корзунам, ідэйным натхняльнікам кампаніі «Гарадскі Ляснічы», прагуляліся ля некаторых каталіцкіх і праваслаўных храмаў у Мінску.

Першае месца, куды мы прыяжджаем, — лесапаркавая зона па вуліцы Матусевіча, дзе на самай гары размяшчаецца касцёл Рыма-каталіцкай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максіміліяна М. Кольбэ. Невялікі драўляны храм знаходзіцца за плотам з сеткі рабіцы, і вядома, што вакол яго разбіты кветнік і тэрыторыя даволі дагледжаная.

А вось за самім плотам відавочна, што лесапарк з'яўляецца ўлюблёным месцам пікніковага адпачынку жыхароў з бліжэйшых шматпавярховікаў. Тут сустракаецца як традыцыйнае смецце ў выглядзе пластыкавых і шкляных бутэляк, бляшанак, пакетаў з-пад чыпсаў, семак, пачкі ад цыгарэт, так і рэшткі ад вогнішчаў.

«І ўсім напляваць, што той жа скіх, на якім стаіць касцёл, зараз падвержаны эрозіі і асыпаецца, — звяртае ўвагу на схіл па-за храмам Ігар. — І бачна ж, што гэта сцяжынка, па якой ходзяць людзі да касцёла... Чаму б не зрабіць яе нармальнай, з прыступкамі? Але нікому нічога не патрэбна. Хіба адміністрацыя сочыць за тым, каб тут было штосьці добраўпарадкавана? Не! Адпаведна, чыноўнікі хлусяць, калі кажуць, што тэрыторыі паркаў, сквераў і зялёных зон спецыяльна аддаюцца пад забудову і будуць дагледжаннымі, бо ў іх саміх на гэта не хапае фінансаў».

Далей мы едзем на вуліцу Лідскую, дзе адносна не так даўно ўзвялі храм свяціцеля Мікалая арцыбіскупа Японскага. Тут жа вясной 2016 года была зроблена экасцежка ў зарасніках дрэваў з рознымі інфармацыйнымі стэндамі і арганізаваная дзіцячая пляцоўка.

«На самой справе храм павінны быў будавацца на рагу вуліц Лідскай і Калеснікава. Але калі даведаліся, што гэты пагорак хочуць зраўняць, а дрэвы высекчы, парафія праявіла ініцыятыву і папрасіла памяняць пляцоўкі. Гэта рашэнне вымусіла змяняць будаўнічы праект, і зараз на гэтым месцы вядзецца фарміраванне скверу», — заўважае Ігар.

Мы пачынаем спускацца ў лагчыну, зарослую хмызняком, дзе размясцілася частка экасцяжынкі. Улетку тут вельмі камфортна і можна схавацца аж спёкі, паслухаць птушак. Па рэштках ад вогнішчаў бачна, што мясцовым жыхарам тут таксама падабаецца пасядзець у выхадны дзень ці пасля працы. Але што здзіўляе — нідзе не бачна смецця. На думку Ігара Корзуна, хутчэй за ўсё тут пастаянна прыбіраюць, і, вядома, сваю ролю сыгралі сметніцы, усталяваныя на сцяжынцы.

«Няхай сабе не ўсё ў іх атрымалася з той жа арганізацыяй сажалкі, справу гэту трэба будзе выпраўляць. Але тут ніхто не высякае кусты, азірнуцца вакол — як прыгожа падняўся маладняк дрэваў, растуць розныя кветкі і травы, птушкі... У цэлым гэта добры прыклад, як можна ўпарадкаваць тэрыторыю, не ўкладаючы ў яе сотні тысяч даляраў», — падкрэслівае Ігар.

Яшчэ адно адрозненне, якое адзначыў «Гарадскі Ляснічы», у тым, што на тэрыторыі няма ніякага абмежавання плотам.

Наступны наш прыпынак знаходзіцца па суседстве — на вуліцы Івянецкай, на самой гары стаіць касцёл парафіі Маці Божай Будслаўскай. Па ўсім бачна, што гэта зусім нядаўні навабуд, бо і тэрыторыя вакол яго толькі прыводзіцца ў парадак, а побач усё яшчэ стаяць бытоўкі.

«Тут такое неверагоднае месца, але паўсюль раскідана будаўнічае смецце. А чаму б не зрабіць альтанку, адсюль жа такія краявіды адкрываюцца... Няхай бы людзі прыходзілі і любаваліся, адпачывалі», — з жалем зазначае Ігар.

Аднак, абыходзячы вакол касцёла, у хмызняку па правы бок ад цэнтральнага ўваходу мы натыкаемся на зусім свежае вогнішча і завалы смецця — рэшткі нейкіх бітонных пліт, труб і будаўнічых сумясяў, якія проста скінулі ў лагчыну.

«Гэта смецце дакладна ўжо адсюль, з гэтага будаўніцтва...» — падкрэслівае Ігар Корзун.

Сярод густога зарасніку арэшніка праглядаецца і іншае смецце — сляды вясёлых кампаній, што бавяць тут час увечары.

Спусціўшыся ў лагчыну, нельга не здзівіцца неверагоднаму прыроднаму ландшафту і мудрагелістаму лабірынту, які стварыла прырода.

«Вось вам, калі ласка, гатовае месца — сквер, дзе нічога не трэба змяняць ці выдумляць, толькі расчысціць, разгрэбсці смецце, арганізаваць колькі лавачак, сметніцы — і ўсё! Гэта не будзе каштаваць вялікіх грошай. А на справе выходзіць зусім іншае!» — абураецца Ігар.

Дый тым больш, што гэтай мясцовасці яўна не стае такога прыроднага кутка, бо калі азірнуцца вакол, то з аднаго боку раскінуўся прыватны сектар, на які ўсё больш «наязджае» горад з яго панэльнымі дамамі, а з іншага — пустка і жылы раён адбудаваных пачварных шматпавярховікаў.

«Зараз мы едзем да цэлага храмавага комплексу, таму там усё будзе па-іншаму. Вядома, тэрыторыя абнесеная плотам, усё чыста і прыбрана... У гэтай сітуацыі мяне больш цікавіць, што ў іх адбываецца з боку, дзе выхад у «дзікі» парк», — кажа Ігар Корзун.

Храмавы комплекс, што размясціўся на рагу вуліц Прытыцкага і Ефрасіні Полацкай, бадай што, вядомы кожнаму, у тым ліку і з-за вельмі доўгага будаўніцтва царквы ў гонар іконы «Маці Божай Усіх гаротных Радасць». Яно было распачата яшчэ з 1994 годзе і да гэтага часу не даведзена да канца. Аднак на тэрыторыі комплексу сапраўды наведзены парадак, нават ёсць невялікі агародзік і кусты парэчак. Але, аглядаючы ўчастак з боку парку, пачынаюць узнікаюць пытанні. Па выраўненай пляцоўцы ля царквы заўважна, што яна значна большая, чым былыя межы тэрыторыі, і зямлю ссыпалі так неахайна, што пашкодзілі з дзесятак дрэваў у самім парку, засыпаўшы іх ствары амаль па самыя кроны. Па словах Ігара Корзуна, такія дрэвы — ужо не жыльцы.

«З такімі рэчамі варта разбірацца: усё ж іх гэта тэрыторыя, ці тут адбыўся самазахоп, трэба разбірацца з пашкоджаннем дрэваў», — зазначае ён.

Сама ж тэрыторыя парку належыць гораду, аднак ён ніякім чынам не арганізаваны ў звыклым разуменні. І на думку Ігара, рабіць з ім нічога не трэба, у яго «дзікасці» і ёсць унікальная адметнасць гэтай зялёнай зоны. Дарэчы, як не дзіўна, але і смецця ў ім не так шмат, хаця яўна бачныя месцы аматараў адпачыць у гарадской цішы.

Таму, відаць, невыпадкова для жыхароў Сельгаспасёлка, што стаіць вакол сквера «Котаўка», абяцанні па добраўпарадкаванню падаюцца непераканаўчымі. Мяркуючы па тэндэнцыі, якая склалася ў апошнія гады ў большасці беларускіх гарадоў, калі зялёныя зоны аддаюцца пад забудову, для гараджан не ствараецца ніякіх прывабных умоў. Дый пра тое, што ніхто не збіраўся абавязваць абшчыну «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэнод» займацца па выніку скверам, падцвердзілася на сустрэчы з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Савецкага раёна Аляксандрам Лянько. Па яго словах, касцёл зробіць сцяжынкі, якія будуць весці да храма, на большае ў іх няма грошай. Пры такім падыходзе мясцовыя жыхары гатовыя сваімі сіламі прывесці сквер ў парадак, захаваўшы яго цалкам.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость