Пакуль Фёдар Фёдаравіч удакладняў апошнія дадзеныя, нас пазнаёмілі са спецданясеннем — гэта дакумент, які сцісла апісвае здарэнне. Званок пра пажар паступіў у аддзел у 17:54. Ужо праз хвіліну на месца здарэння выехалі калегі з Вушаччыны — ім было бліжэй дабірацца да Сушына, усяго 12 кіламетраў. У 18:16 машына была на месцы. Пажар на плошчы ў 1,5 га лакалізавалі ў 18:25, цалкам ліквідавалі яшчэ праз дзве хвіліны.
Цела мужчыны супрацоўнікі МНС знайшлі ў 18:20.
— Разглядаецца шэраг прычын, якія маглі прывесці да смерці, — паведаміў Фёдар Шарко. — Верагодна, пры ўздзеянні на чалавека прадуктаў гарэння таму стала кепска, ён упаў і выбрацца з агню ўжо не меў шанцаў... У руцэ мужчыны быў заціснуты пачак цыгарэт. Можа высветліцца, што яго дзеянні і прывялі да трагедыі. Зараз вядзецца разбіральніцтва. Чакаем вынікаў судова-медыцынскай экспертызы, устанаўліваецца і асоба загінулага.
Пазней стала вядома, што мужчына 1946 года нараджэння.
Летась у выніку сельгасвыпальвання агонь даходзіў да жылых збудаванняў. На сёння Полацкі гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях зафіксаваў 4 выпадкі маштабных пажараў у выніку сельскагаспадарчых выпальванняў, аднак жылыя дамы пакуль не пацярпелі. У ліквідацыі ўдзельнічалі як супрацоўнікі МНС, так і мясцовыя жыхары, была задзейнічана тэхніка сельгаспрадпрыемстваў.
— Сонца, вецер, адсутнасць ападкаў — усё гэта спрыяе пажаранебяспечнай абстаноўцы, — тлумачыць Фёдар Шарко. — Каля вёскі Труды праз падпал сухой расліннасці згарэла чатыры будынкі — па шчаслівым збегу абставін, закінутыя. Мясцовыя жыхары распавядалі пра незнаёмых маладых людзей, якія цешыліся тым, што проста кідалі запалкі на траву, не рэагуючы ні на якія заўвагі. Дагуляліся, відаць... Труды — ускраіна Полацкага раёна, амаль 50 кіламетраў ад аддзелу, аднак мы не дазволілі агню распаўсюдзіцца.
Артыкул 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» папярэджвае: «Выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама паржышчавых рэшткаў на палях тэрыторыі рэспублікі забаронена і з’яўляецца правапарушэннем. Вінаватым пагражае штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь». А калі прычыняецца шкода маёмасці альбо здароўю і жыццю людзей, можа наступаць і крымінальная адказнасць. Пры гэтым, як зазначае начальнік Полацкага ГРАНС Фёдар Шарко, на ўласных падворках паліць сухую траву і лісце можна, але вельмі пільна:
— Добры гаспадар будзе клапаціцца пра тое, каб агонь не меў магчымасці распаўсюджвання. Калі чалавек сабраў на сваім падворку сухую расліннасць, абкапаў, выкапаў прыямак, назапасіў ваду, пясок, мае рыдлёўку і кантралюе працэс спалення смецця, мы не будзем мець да яго прэтэнзіі. Аднак калі запаліў і пайшоў — гэта адназначна штраф, бо з’яўляецца сур’ёзная небяспека пажару.
Трэба помніць, што наогул падобныя дзеянні дапушчальныя не меней як у 10 метрах да будынкаў.
Вядома, трэба ўлічваць і надвор’е: калі нехта спрабуе паліць сухую траву і лісце на сваім падворку ў моцны вецер — гэта злачыннае глупства. Нельга таксама паліць смецце кшталту аўтамабільных пакрышак, пластыкавых бутэлек і падобнага, бо гэта наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Падобнае смецце мусяць перапрацоўваць спецыялізаваныя арганізацыі.
— Выходжу вечарам пагуляць з сабакам, вядома, не па форме — дзеці з запалкамі балуюцца, — распавядае пра свае назіранні Фёдар Шарко. — Прыкрыкнеш на іх, а тыя — шмыг у кусты, і толькі іх і бачылі... А ўсё таму, што дзеці незанятыя. Пытанні да бацькоў ці педагогаў — не нам вырашаць. На маю думку, вельмі важна інфармацыйна асвятляць праблему. Некалькі год таму быў прэцэдэнт: двух падлеткаў, якія падпальвалі траву ў Полацку, разглядалі на адкрытым пасяджэнні Камісіі па справах непаўналетніх. Запрасілі СМІ, даслалі інфармацыю ва ўстановы адукацыі. І ў той год было сапраўднае зацішша па падобных здарэннях.
Зараз у Беларусі праходзіць акцыя «За бяспеку разам». Яе галоўная мэта — змяншэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца з прычыны невыканання грамадзянамі правілаў пажарнай бяспекі ў жылых будынках і пабудовах. Усімі суб’ектамі прафілактыкі — аддзеламі па надзвычайных сітуацыях, міліцыяй, сацыяльнымі службамі і іншымі — праводзяцца праверкі, у прыватнасці, навядзення парадку на падворках.
- «Это не мусор, а ценный ресурс!» Чем опасны палы, и как можно использовать сухую траву в земледелии?
— Калі грамадзяне адэкватна ставяцца да неабходнасці падтрымліваць парадак у сваіх гаспадарках, то мы абыходзімся без санкцый, — расказаў Фёдар Фёдаравіч. — Аднак здараецца, што папярэджанні не дзейнічаюць на людзей. Тады складаюцца адміністратыўныя пратаколы, прызначаюцца паўторныя праверкі. І калі парушэнні выкрываюцца зноў, то сума штрафу расце, вядома, у разы.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
І зноў аб сельскагаспадарчых выпальваннях: агнявыя кропкі Шаркаўшчыны
На Витебщине ситуация с весенними палами под контролем
Противодействие пожарам: экологи призывают не жечь сухую траву!