Мэта праекта — правесці энергаэфектыўную мадэрнізацыю вулічнага асвятлення ў Полацку, якая магла б стаць прыкладам для іншых гарадоў Беларусі. На 16 цэнтральных вуліцах запрацуюць болей за 1200 сучасных свяцілень, што знізіць выкіды вуглякіслага газу болей чым на 750 тон. Праект, які рэалізуе Полацкі райвыканкам сумесна з Фондам «Інтэракцыя», фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
Прэс-канферэнцыя сабрала прадстаўнікоў вядучых рэгіянальных СМІ. Сяргей Лейчанка адзначыў, што станоўчы эфект ад праекта «ГорСвет» ужо маецца:
— Зараз мы праектуемся, наперадзе тэндар, закупка і мантаж абсталявання. Аднак да гэтага нашы службы правялі вельмі сур’ёзную рэвізію ўсёй гарадской электрагаспадаркі. Цяпер мы рэальна ведаем, дзе які слуп стаіць, дзё ліхтары ёсць, а дзе няма, як уся гэтая справа працуе… Праінспектавалі 430 кіламетраў вуліц, 5000 ліхтароў і сабралі гэтыя звесткі ў адну базу.
«ГорСвет» — дэманстрацыйны праект. Ход і вынікі яго рэалізацыі стануць добрым досведам для іншых беларускіх гарадоў. Полацкія спецыялісты змогуць дапамагаць калегам, якія будуць удзельнічаць у энергаэфектыўнай мадэрнізацыі асвятлення сваіх населеных пунктаў.
Дырэктар Фонда «Інтэракцыя» Іван Шчадранок нагадаў, што Полацк супрацоўнічае з Еўрасаюзам з 2008 года. За гэты час рэалізаваны шэраг праектаў, напрыклад, летась у горадзе з’явіліся першыя веладарожкі.
— Полацк стаў першым горадам, які распрацаваў План устойлівай гарадской мабільнасці. Прычым удзел у абмеркаванні прымалі і самі гараджане. Мы ладзілі анлайн-апытанкі, анкетаванні, сустракаліся з ініцыятыўнымі групамі тых жа раварыстаў. Уся сабраная інфармацыя, безумоўна, улічваецца пры падрыхтоўцы і рэалізацыі праектаў! — запэўніў спадар Іван.
Дарэчы, у 2011 годзе годзе Полацк першым у Беларусі далучыўся да Пакту мэраў: горад узяў на сябе абавязак да 2020 года на 20% скараціць выкіды CO2, на столькі ж зменшыць спажыванне энергіі і павялічыць да 20% выкарыстанне аднаўляльных крыніц.
- Снижение выбросов СО2 и повышение комфорта жизни в городах — Пакт мэров набирает ход в Беларуси
- 2 млн евро за лояльность: к Пакту мэров в Ереване присоединились 6 беларусских городов
«Ці спраўляемся?» — пацікавіліся журналісты.
— Да 2020-га паспеем адназначна! Ужо зафіксавана зніжэнне на 8,6%, — адказаў першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка. — Цяпер мы разглядаем магчымасць далучыцца да Пакту мэраў да 2030 года. На Полацк кладзецца вельмі вялікая экалагічная нагрузка. Хто, як не мы, будзе змагацца за экалогію?..
«Лепей бы дарогі/бальніцы/дзіцячыя садкі/etc на гэтыя грошы пабудавалі!» — часам гучыць у сацсетках абурэнне палачан. На прэс-канферэнцыі засяродзілі ўвагу на тое, што як «ГорСвет», так і праекты па мабільнасці рэалізуюцца не за кошт бюджэтных сродкаў.
— Гэта грошы грантавых фондаў, якія мы прывабілі на развіццё Полацка. Усе мерапрыемствы выконваюцца на сродкі Еўрасаюза. Грошы мэтавыя, мы бярэм на сябе абавязак патраціць іх менавіта на тое, на што запланавана праектам. То бок мы не можам пакласці за гэтыя сродкі асфальт, — патлумачыў Сяргей Лейчанка.
Затое такія праекты дапамогуць эканоміць бюджэтныя сродкі надалей:
— Па нашых падліках, «ГорСвет» акупіцца за тры гады, — адзначыў спадар Сяргей. — Гадавая эканомія — да 60%. А ўжо сэканомленыя грошы можна патраціць ці на далейшае развіццё энергасістэмы, ці на іншыя мерапрыемствы.