18.03.2019 / 10:03

На прыканцы сакавіка Беларусь у 11 раз далучыцца да самай буйной і прыгожай экалагічнай акцыі – Гадзіны Зямлі. Таварыства “Зялёная сетка” прыадкрывае таямніцу, што цікавага будзе на гэтым івэнце.

Акцыя «Гадзіна Зямлі» асабліва палюбілася нам за столькі год яе правядзення. Нягледзячы на тое, што яна носіць сімвалічны характар, праз яе прастату і яркасць можна зачапіць людзей і дапамагчы задумацца пра важныя экалагічныя праблемы –  змяненне клімата, абмежаванасць прыродных рэсурсаў, утаймаванне спажывецкага стаўлення да наваколля”, - кажуць у экалагічным таварыстве.

Штогод для акцыі абіраецца загалоўная тэма. На гэты раз таварыства абрала тры.

 

Гадзіна Зямлі. За чыстае паветра

Па словах экалагістаў, гэта зусім не выпадкова. Цягам апошняга года даводзіцца назіраць, як усё больш гарадоў сутыкаецца з праблемаю забруджвання паветра ад работы прамысловых прадпрыемстваў.

У шэраг пацярпелых гарадоў уваходзяць: Светлагорск, Гомель, Магілёў. А таксама Брэст, які пакуль “працуе” на перспектыву пазбегнуць лёсу забруджвання ад акумулятарнага завода, і Мінск, дзе збіраюцца будаваць завод па спальванні смецця.

 

Гадзіна Зямлі. За чыстае наваколле

Праблема існавання несанкцыянаваных звалак у лясах, на берагах азёр і рэк, у месцах масавага адпачынку людзей ці ля дачных пасёлкаў ужо не першы год актуалізуецца актывістамі і актывісткамі беларускага руху “Зробім!” - часткі міжнароднага руху “Let’s do it!”.

Удзел у прыборках – справа дабраахотная, і гэта адрознівае рух ад звыклых суботнікаў, як і тое, што кожны жадаючы можа стаць ініцыятарам акцыі ў сваім населеным пункце. У гэтым годзе сезон прыборак у нашай краіне стартуе ў красавіку і скончыцца ў Дзень глабальнай прыборкі – 21 верасня.

 

Гадзіна Зямлі. За чыстую энергетыку

Наша краіна непазбежна набліжаецца да моманту запуска першага энергаблока Беларускай АЭС. На пачатку 2019 года прайшло чарговае грамадскае абмеркаванне, якое тычылася Стратэгіі абыходжання з ядзерным палівам, што прадэманстравала негатоўнасць Беларусі ўводзіць атамную станцыю ў эксплуатацыю. Гэта без уліку, адсутнасці адказаў па мэтазгоднасці яе будаўніцтва і практычнай рэалізацыі збыту электраэнергіі і г.д.

У мінулым годзе грамадскае аб’яднанне “Экадом” разам з таварыствам “Зялёная сетка” і Фондам імя Генрыха Бёля ініцыявалі даследаванне па магчымасцям Беларусі быць энергетычна незалежнай краінай праз аднаўляльныя крыніцы энергетыкі - Энергетычная [р]эвалюцыя.

Даследаванне паказала, што дастатковага ўзроўню энергазабяспечанасці можна дасягнуць пры дапамозу сучасных і бяспечных тэхналогій. Вядома, што дзеля іх укаранення патрабуюцца змяненні ў падыходах развіцця некаторых узаемазвязаных галін.

Кожная гэта тэма важная для нас! І кожную мы намераны трансляваць падчас акцыі Гадзіна Зямлі. Заклікаем рабіць гэта і тыя сяброўскія арганізацыі, што далучацца да івэнта ў бягучым годзе, і пастарацца максімальна выкарыстаць акцыю, як пляцоўку для данясення чыстых ідэй”, - тлумачаць у Зялёнай сетцы.

Традыцыйна ў гэты дзень 20.30 да 21.30, некаторыя гарадскія аб’екты пагрузяцца ў цемру, адключыўшы знешнюю элюмінацыю. На сённяшні дзень свой удзел падцвердзілі ЦУМ, Музей Вялікай Айчыннай вайны і Банк развіцця, УП "Мінгарсвятло", з 21.00 да 21.30 Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў Мінску і Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт.

Гэта неверагоднае відовішча, якое выклікае казытлівае адчуванне ўнутры. Адключэнне адбываецца не столькі дзеля эканоміі, колькі, як заява пазіцыі і разумення неабходнасці дзейнічаць і вырашаць экалагічныя праблемы зараз, не перакладаць адказнасць на наступныя пакаленні, - падкрэсліваюць у таварыстве. - Пры ўсім, прыемна, што сёння нам не трэба тлумачыць і пераконваць пра неабходнасць удзелу некаторыя аб’екты, для іх Гадзіна Зямлі ўжо стала справай звычкі”. 

Арганізатары заклікаюць не прапусціць “цёмную” гадзіну і быць актыўнымі саўдзельнікамі чароўнай дзеі. Узровень удзелу можа быць на густ чалавека: шпацыр па горадзе, каб стаць сведкам далучэння да глабальнага руху, наведванне культурніцкай часткі праграмы ці больш ціхі вечар у сяброўскай кампаніі з забаўкамі дома без святла.

У нас будзе некалькі цікавых прапановаў, чым можна пазабавіць сябе ў культурным плане ці стаць непасрэдным удзельнікам акцыі, падрабязна і актыўна пачнем расказваць пра іх літаральна з гэтага тыдня”, - упэўніваюць у Зялёнай сетцы.

Пакуль што можна запланаваць наведаць галоўную падзею вечара 30 сакавіка: таварыства запрашае мінчан і мінчанак на канцэрт гурта Recha, што будзе ў рэгі-бары “Жованы крот” на Зыбіцкай, 6. Імпрэза пачнецца а 20.00, а 20.30 пагасне святло і зайграе гурт.

Гэта музыка для роздумаў і для танцаў, для якіх будзе месца. Спадзяемся, што вам спадабаецца спалучэнне домбры, цемры і песень”, - кажуць у Зялёнай сетцы.

Калі вы маеце невялікі інструмент для перкусіі ці любую рэч, гук якой вам падабаецца, –  можна ўзяць з сабой паўдзельнічаць у невялікім джэме. Уваход вольны. Арганізатары раяць не спазняцца: прастора бара гасцінная, але абмежаваная.

Адначасова будзе працаваць Зялёная пошта. Гэта азначае, што кожны жадаючы зможа выбраць акварэльную друкаваную паштоўку, падпісаць ды, не выходзячы з бара, даслаць блізкім і сябрам.

Малюнкі на паштоўках прысвечаныя зменам, што адбываюцца ў прыродзе і асяродку, створаным чалавекам, праз змяненне клімата, а таксама экалагічным праблемам, з якімі даводзіцца сутыкацца штодня.  

Паштоўкі створаныя для таварыства “Зялёная сетка” і грамадскага аб'яднання “Экадом” па матывах працы сэрвісу Зялёны тэлефон. А таксама можна будзе прынесці з сабой крышачкі ад пластыкавых бутэляк і здаць іх валанцёрам і валанцёркам, і такім чынам падтрымаць ініцыятыву "Новае жыццё ўзамен на крышачкі".

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость