У гістарычным разрэзе сваё прызначэнне, як тэрыторыі агульнага грамадскага карыстання, паркі набылі не так даўно. Першапачаткова зялёныя добраўпарадкаваныя і архітэктурна зфарміраваныя прасторы былі не даступныя простаму люду. Яны разбіваліся пры палацах і замках буйных феадалаў, невялікія сады меліся пры манастырах. І з'яўляліся індыкатарамі заможнасці і статусу ў грамадстве.
Падзеі Вялікай Французскай рэвалюцыі далі штуршок стварэнню публічных месцаў без абавязкаў, дзе людзі могуць сустракацца, гуляць і адпачываць.
"Сёння гараджане маюць даволі прымітыўнае ўяўленне пра паркі"
Калі прайсціся па функцыянальным прызначэнні паркавых тэрыторый, то, па словах Ігара Корзуна, ініцыятара кампаніі "Гарадскі Ляснічы", вядучай да наша часу застаецца сацыяльная — паркі, як гэта і задумвалася, з'яўляюцца адкрытымі для карыстання ўсімі катэгорыямі грамадзян і на бясплатнай аснове. Далей варта сказаць пра санітарную і атракцыйную, забаўляльную функцыі: усе яны працуюць на тое, каб чалавек мог прыйсці і адпачыць ад будзённых праблем у зялёнай прасторы.
Што ж тычыцца экалагічнай функцыі, на думку Ігара Корзуна, найбольш яе выконваюць лесапаркавыя зоны, якія раней служылі буферамі паміж прадпрыемствамі і горадам.
"Як толькі з'явіліся тэхналагічныя спосабы ўтылізацыі адходаў вытворчасці праз фільтры і ачыстныя, экалагічная функцыя зялёных насаджэнняў стала слабець. Гэта зусім не значыць, што пра гэта функцыянальнае прызначэнне не трэба казаць. Але ў гульні ў аргументы з чыноўнікамі нельга рабіць яго сваім козырам, бо ён пройграшны", — кажа Гарадскі Ляснічы.
У першую чаргу, калі актывістам і актывісткам хочацца захаваць дрэвы, варта казаць пра сацыяльныя, санітарныя і забаўляльныя функцыі насаджэнняў, упэўнены наш суразмоўца.
З людзьмі трэба працаваць, каб не было гвалту пры кожнай высечцы
Ёсць іншы бок медаля — арганізацыя і дагляд за паркамі.
Возьмем для прыкладу Парк Перамогі, які быў адрэканструяваны ў 2008-2011 гадах. На думку Ігара Корзуна, ад сама пачатку, калі парк толькі будавалі, у ім была задумка, але ж пасля на яе забыліся, маўляў, дастаткова таго, што там растуць дрэвы і больш можна нічога не рабіць. Пры аднаўленні парка ва ўсходняй яго частцы зрабілі прасекі, усталявалі фантаны, якія ніякай інфармацыі пра прастору не нясуць.
"Тэрыторыя парка не функцыянальная. Паглядзіцё, дзе перамяшчаюцца людзі, — гэта заходняя, добра пабудаваная тэраса, што прымыкае да Палаца Незалежнасці. У ёй шмат атрактыву і святла. Людзі не любяць змрок", — кажа Ігар Корзун.
Але праблема загушчанасці паркавых прастораў, не столькі ў празмернай цяністасці, колькі ў тым, што дрэвы найчасцей з'яўляюцца аварыйнымі на такіх тэрыторыях. З-за недастатку прасторы і святла насаджэнні цягнуцца ў верх. Гэта не толькі ўплывае на тое, што дрэвы маюць няправільныя параметры: малы дыяметр ствалоў і празмерную вышыню. У іх няма магчымасці вырасціць разгалістую крону. А стварэнне вострага вугла паміж ствалом і галіною вядзе да інфекцый у месцы злучэння і да крохкасці драўніны.
Што рабіць у такой сітуацыі? Ігар Корзун бычыць выйсце ў вызначэнні дамінантных насаджэнняў, прарэджванне тэрыторый і правільным пастаянным доглядзе за насаджэннямі.
На жаль, такія работы ў парках практычна ніхто не праводзіць. Больш звыкла назіраць адваротную сітуацыю, калі архітэктурна зфарміраваныя плошчы аддаюцца пад кампенсацыйныя пасадкі.
-
Компенсационные посадки: В Минске посадили тысячи деревьев, выжили немногие
-
Городские парки Минска: как не превратить архитектуру в лесопосадку?
"Такім чынам кіруючыя кампаніі замест таго, каб захоўваць задумкі архітэртараў, праводзяць догляд для гараджан, выкарыстоўваюць тэрыторыі, як рэсурс для вядзення сваёй каменрцыйнай дзейнасці. Гэта жахліва! Адсюль жа, тыя кампактныя групы дрэваў, што ўжо растуць у парках, знаходзяцца ў такім стане, што яны наўрадці пражывуць больш 40 год. Гэта марнатраўства. Бо пабудаваць парк, даглядаць яго 60-100 год, а затым высекчы — такога ў паркавай архітэктуры не бывае", — распавядае Ігар Корзун.
Для прыкладу суразмоўца прыводзіць катастрафічную сітуацыю з сасновым борам Парка Чалюскінцаў, які гіне з-за шырокаліственых дрэваў, якія калісьці былі мэтанакіравана высаджаны.
"Нанесеную гэтай унікальнай тэрыторыі шкоду справіць магчыма. Але варта разумець, што гэта будзе каштаваць не танна. Ды й для пачатку сама кіруючая кампанія павінна разумець праблему. Павінны разумець праблему і гараджане. Бо ўявіць сабе, што зараз у парку пачнуць высякаць здаравенныя клёны — гэта неверагодная колькасць гвалту", — заўважае каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы".
Вядома, Ігар Корзун мяркуе, што нават грамадства можна пераканаць у неабходнасці такіх дзеянняў, правёўшы адкрытую зразумелую кампанію ў медыя пра паркі, праінфармаваўшы людзей пра гісторыю і каштоўнасць кожнага аб'екта. Толькі ў такім выпадку, праз гады два можна ўзяцца за ратаванне сасновага бору.
Спецыяліст павінны прымаць рашэнне, а не трэсціся перад пастановамі Савета Міністраў
Адсутнасць структуры, якая б увабрала ў сябе спецыялістаў, што могуць самастойна прымаць рашэнні па арганізацыі догляду за паркавымі тэрыторыямі — гэта яшчэ адзін недахоп у сістэме кіравання зялёнымі тэрыторыямі.
Па словах Ігара Корзуна, такія людзі ёсць, аднак зараз яны абмежаваныя ў сваіх дзеяннях цэлым шэрагам дакументаў, у тым ліку Пастановай Савета Міністраў №1426 ці рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па добраўпарадкаванні.
-
Пашуршалі: эксперты і актывісты пра неабходнасць прыборкі лістоты і рэгуляванне добраўпарадкавання
-
Озеленение по поручению. Почему с деревьями и травой не работают командно-административные методы
"Рашэнні па высечцы дрэваў павінны прымаць спецыялісты, які нясуць адказнасць за пэўную тэрыторыю. Няхай гэта будуць прафесіяналы, а не галоўны механік, што скончыў палітэхнічны істытут і зрабіў сабе кар'еру ў Зеленбудзе", — абураецца Ігар Корзун.
У структуры гэтага прадпрыемства ёсць спецыялісты з адукацыяй, але ў іх абавязкі ўваходзіць кіраванне некампітэнтнымі работнікамі, якімі перапоўнены зеленбудаўскі штат, упэўнены суразмоўца Зялёнага партала.
"Як могуць справіцца гэтыя бедныя дзяўчынкі, што марылі стаць садоўнікамі, з натоўпам, у якога павадкі былога сядзельца турмы, які прывык працаваць з-пад палкі, які нават элементарную фізічную працу робіць дрэнна. Вядома ім даводзіцца прыстасоўвацца пад сітуацыю ці сыходзіць у сілу сваіх прынцыпаў", — зазначае Гарадскі Ляснічы.
Галіне яўна не стае спецыялістаў сярэдняга звяна, якія б мелі адпаведныя ўменні і навыкі па догляду за насаджэннямі — па агратэхніцы, дэндралогіі, фітапаталогіі і іншыя.
Адсутнасць доўгатэрміновых планаў кіравання паркавымі тэрыторыямі таксама не спрыяе належнаму дагляду за насаджэннямі. Як і адсутнасць уяўлення кіруючых кампаній пра архітэктурныя праекты, на аснове якіх арганізоўваецца прастора на той ці іншай тэрыторыі.
Большая свабода спецыялістаў, але разам з тым і адказнасць, дазволіць змякчыць многія канфлікты вакол менеджменту зялёных зон, упэўнены наш супразмоўца.
"Трэба адмяніць усе гэтыя фількіны граматы [дакументы, якія афармляюцца зараз для атрымання дазволу на высечку, — рэд.] і ўвесці адзіную форму, распрацаваную спецыялістамі зялёнага будаўніцтва, супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук і іншымі. Дзе абавязковым пунктам будзе абгрунтаванне і правядзенне экспертызы. У адпаведнасці з мэтай запрашаюцца спецыялісты: дэндролагі, архітэктары ландшафтнікі, інжынеры камунікацый, якія даюць сваё прафесійнае заключэнне, пад якім падпісваюцца. Аднак рашэнне па неабходнасці выдалення насаджэння прымае асоба, якая ініцыявала правядзенне экспертызы, ставячы сваё прозвішча і подпіс пад рэзюмэ, — а значыць беручы на сябе адказнасць. Вядома, доступ да такой інфармацыі павінны быць адкрыты для грамадскасці".
Дакладна такія ж пераўтварэнні павінны адбыцца і ў галіне абрэзкі дрэваў. Ніякія правілы ці рэкамендацыі не ўратуюць нашыя дрэвы, выключна кампітэнцыі спецыялістаў і разуменне іх адказнасці за прынятыя рашэнні, а таксама магчымыя наступствы.