20.07.2015 / 10:07

Напярэдадні IV Форуму грамадскіх экалагічных арганізацый 2015 года, які пройдзе ў Мінску з 24 па 25 ліпеня, Зялёны партал вырашыў распытаць прадстаўнікоў арганізацыйнага камітэта пра чаканні, праблематыку і асноўныя тэмы, якія будуць абмяркоўвацца на сустрэчы беларускіх экалагічных НДА.

Тэматычны Форум з'яўляецца знакавай падзеяй для беларускага экалагічнага руху. Ён праходзіць кожныя два гады, збіраючы разам прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і ўстаноў, дзяржаўных органаў і актывістаў, каб абмеркаваць надзённыя пытанні, дасягненні і магчымасці аб'яднання сіл дзеля вырашэння праблем і выклікаў, якія сёння стаяць перад эколагамі нашай краіны.

«Пасля перапынку з 2001 году наступны Форум у такім фармаце адбыўся толькі ў 2009 годзе. Ён рыхтаваўся з вялікім энтузіязмам і адпаведна сабраў вялікую колькасць удзельнікаў. Але зараз назіраецца момант нейкага затухання, — распавядае Ірына Сухій, член савета першага таварыша «Зялёнай сеткі» — грамадскага аб'яднання «Экадом». — З аднаго боку, пасля кожнага такога мерапрыемства мы становімся больш сур'ёзнымі і прафесійнымі, пытанні, што мы ўздымаем, маюць важнае значэнне. Аднак мяне вельмі хвалюе, што ў гэты ж час не павялічваецца колькасць людзей, якія гатовы займацца экалагічнай палітыкай, няма да яе інтарэсу».

З гэтай прычыны невыпадкова асноўнай тэмай Форуму 2015 года выбрана «Экалагічная палітыка Беларусі». Як зазначае Ірына, сёння моладзь адгукаецца на экалагічную тэму, але ў больш простых накірунках, напрыклад, экалагічна прыязны стыль жыцця, развіццё веласіпеднага руху, арганічныя прадукты, змяншэнне спажывецкіх звычак.

«Я не адмаўляю, што гэта добра і станоўчая тэндэнцыя. Але трэба разумець, што без змянення пэўных сістэмных рэчаў у экалагічным заканадаўстве, палітыцы, кліматычных перамовах, пазіцыях Беларусі на міжнароднай арэне ўсе нашы намаганні будуць зведзеныя на «не» такімі праблемамі, як будаўніцтва атамнай электрастанцыі, адсутнасць ачышчальных збудаванняў на прадпрыемствах, што з году ў год скідваюць у наваколле шкодныя рэчывы і губяць флору і фаўну», — наракае яна.

У якасці прыкладу Ірына прыводзіць нядаўні выпадак, што мае ўжо сістэматычны характар, калі ў раку Ашмянку, дзе жывуць і нерасцяцца рэдкія віды ласосей, адно з прадпрыемстваў скінула адходы. Нягледзячы на магчымыя штрафныя санкцыі, фактычна сітуацыя не змяняецца ўжо многія гады.

«Мяне гэта хвалюе, і я разумею, што на Форуме мы гэтыя праблемы не вырашым. Хаця я вельмі спадзяюся, што з'явяцца людзі, якія будуць гатовыя падключацца да працы па ўплыву на беларускую экалагічную палітыку», — кажа Ірына.

Значэнне такога мерапрыемства для стасункаў, рэфлексіі і кансалідацыі сіл па вырашэнню актуальных задач падкрэслівае і Яўген Лабанаў, дырэктар установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў».

«У гэтым годзе мы хочам удзяліць асаблівую ўвагу пытанням развіцця экалагічнай палітыкі ў Беларусі — яе прыярытэтам, шляхам павышэння значнасці экалагічных пытанняў ў грамадскім сектары. Сёння ў нашай краіне ідзе вялікая колькасць міжнародных праектаў тэхнічнай дапамогі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, таму мы не можам не закрануць такое пытанне на Форуме. Хочацца абмеркаваць шляхі ўзмацнення супрацоўніцтва паміж замежнымі праектамі і экалагічнымі арганізацыямі», — падкрэслівае Яўген.

Яго словы падтрымлівае Яраслаў Бекіш, каардынатар таварыства «Зялёная сетка», падкрэсліваючы, што для такой важнай тэмы прыйшоў самы час, каб яе абмеркаваць.

«Да гэтага моманту тэма экалагічнай палітыкі ніколі не ўздымалася ні самімі грамадскімі арганізацыямі, ні ў дыялогу з дзяржаўнымі органамі. НДА традыцыйна займаюцца шырокім спектрам вузкатэматычных пытанняў. Таму мы і запрасілі ўсіх нашых калег паглядзець на поле экалагічнай палітыкі ў Беларусі больш сістэмна і комплексна. Спрыяе гэтаму і той факт, што сама палітыка выйшла на новы ўзровень развіцця і патрабуе ацэнкі і рэфлексіі. Так, напрыклад, распрацавана новая Стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, існуе цэлы шэраг маштабных міжнародных праектаў, тэма аховы навакольнага асяроцця з'яўляецца асноўнай ў адносінах Беларусі і Еўразвязу, прызначаны новы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольна асяроддзя, у хуткім часе ў Парыжы пройдуць важныя для ўсяго свету перамовы па клімату», — адзначае ён.

Ня менш важным штрушком для актуалізацыі экалагічнай палітыкі з'яўляецца і тое, што грамадскія агранізацыі «дараслі» да ўзроўню, калі можна ўздымаць такога кшталту пытанні і спадзявацца на адэкватны ўдзел у працэсах прыняцця экалагічназначных рашэнняў.

Аднак гэта не значыць, што на Форуме не будуць разглядацца і іншыя праблемы. Па словах Яўгена Лабанава, на абмеркаванне будзе выносіцца тэма ўзмацнення ўзаемадзеяння паміж разнастайнымі экалагічнымі арганізацыямі і ініцыятывамі ў нашай краіне, колькасць якіх магчыма не хутка, але ўсё ж паступова павялічваецца, і гэту тэндэнцыю ні ў якім разе нельга пакінуць без увагі.

«У фармаце секцыі і круглых сталоў будзе абмяркоўвацца вялікая колькасць тэматычных пытанняў — ад новага Ляснога кодэксу і ртутнага забруджвання да доступу да экалагічнай інфармацыі і развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый», — зазначае ён.

Акрамя гэтага, вялікую ролю на сустрэчы адыграе і прысутнасць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і ўстаноў экалагічнага кірунку, ад дзейнасці і падтрымкі якіх залежыць паляпшэнне прыродаахоўнай сітуацыі ў цэлым.

«Спадзяюся, што на Форум прыедзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, бо ў мінулы раз міністр (Леанід Харужык) наведаў мерапрыемства толькі ў 2001 годзе, што стала для нас знамянальнай падзеяй, бо па выніках быў створаны грамадскі каардынацыйны савет пры Мінпрыроды, і гэта быў пачатак структураванага канструктыўнага ўзаемадзеяння з міністэрствам. Таму хацелася б, каб пасля гэтага Форуму ў нас таксама былі харошыя і разумныя змяненні», — рэзюмуе Ірына Сухій.

 

ЧЫТАЙЦЕ матэрыялы з Форуму экаНДА-2015:

Эксперты на Форуме экаНДА-2015: «Па выкананню патрабаванняў Орхускай канвенцыі Беларусь пакуль працуе на перспектыву»

Эксперты на Форуме экаНДА: Беларусі патрэбна развіваць альтернатыўную энергетыку, каб пазбегнуць змянення клімату

Дзікую прыроду Беларусі трэба ахоўваць, маніторыць і не забываць пра звычайных людзей

Эксперты на Форуме экаНДА-2015: Новы Лясны кодэкс толькі павысіць эксплуатацыю прыродных рэсурсаў

Фармацевтические загрязнения впервые привлекли внимание экологов

Экологическая общественность подключится к решению проблемы обращения с ртутью

Почему беларус считает экологически культурным себя, но не других?

Эксперты на IV Форуме экоНГО: Охрана окружающей среды в Беларуси всё больше зависит от международного финансирования

Эксперты на Форуме экоНГО-2015 предложили критически переосмыслить экологическую политику Беларуси 

У Мінску стартаваў IV Форум экалагічных арганізацый Беларусі

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость