10.04.2018 / 12:04

Напрыканцы сакавіка Зелёны партал анансаваў спецпраект #мусорим_с_умом, гераіняй якога вызвалася быць журналістка, блогерка і маці дваіх дзяцей Вераніка Грышкова.

Так сталася, што распачаць праект адразу у Веранікі не атрымалася – захварэла дачка. Але для ўдалага пачатку эксперыменту па максімальна камфортнаму скарачэнню колькасці пластыка ў доме, Зялёны партал падрыхтаваў для гераіні падрабязную інструкцыю, на што звярнуць увагу.

Думаем, нашым чытачам таксама цікава, па якіх правілах паспрабуе жыць Вераніка і яе сям’я.

Адмовіцца ад спажывання пластыка ў нас час вельмі складана, бо ён стаў універсальнай упакоўкай для харчовых, і не толькі, прадуктаў. Аднак мала хто можа сабе ўявіць, што пластык, як адход, перажыве не толькі яго пакаленне, але і наступнае, бо распадаецца розны яго від ад 200 да 500 год.

Што ж у такім выпадку рабіць? Можна пастарацца значна скараціць яго спажыванне праз простыя і даступныя кожнаму звычкі.

 

Карыстайцеся экаторбамі і адмаўляйцеся ад паліэтыленавых пакетаў-маяк у крамах

А таксама ад звычайных пакетаў, у якія прапаноўваюць пакаваць садавіну, калі вы, напрыклад, набываеце 3-5 яблыкаў, галінку бананаў і г.д. у невялікай колькасці. Бо гэты пакет вам патрэбны выключна, каб данесці тавар да дома. Ды й перад спажываннем уся садавіна дакладна перамываецца.

Часам адмовіцца «немагчыма», бо галоўным аргументам з'яўляюцца правілы крамы. У такім выпадку прасіце, каб налепку, дзе ўказана вага і цана на тавар, клеілася не на сам пакет, а на адзін з яблыкаў, напрыклад. У такім выпадку пакет можна будзе скарыстаць яшчэ не раз, а таксама дакладна здаць на перапрацоўку!

Таксама прасіце пакаваць розныя віды сабавіны ў адзін пакет. Гэта дакладна дапаможа зменшыць іх колькасць!

 

Набывайце менш пітва ў пластыку

Тычыцца гэта парада як бутэліраваных напояў, так і водарнай кавы ці цёплага чаю.

Для халодных напояў можна займець шматразовую бутэльку і пры выхадзе з дома напаўняць яе сокам ці звычайнай вадой.

Не давайце сябе падмануць! Папяровыя шкляначкі, у якіх шматлікія кафэ прапаноўваюць каву ці чай з сабой, на самой справе ўтрымліваюць пластык і не перапрацоўваюцца ў Беларусі. Таму найлепшым варыянтам стане — тэрмакубак, які зробіць вашае жыццё больш мабільным і папярэдзіць многія непрыемнасці ў адрозненні ад папяровіка. Больш інфармацыі можна знайсці ў ініцыятывы My cup, please!

Калі вы ўсё ж не ўтрымаліся і набылі ваду ў пластыкавай бутэльцы — не забудзьцеся здаць яе ў перапрацоўку! Да ўсяго зараз крышачкі ад пластыкавых бутэлек можна здаваць, ці выдатнай ініцыятыве ZADUMA, ці ініцыятыве “Новая жизнь в обмен на крышечки».

 

Звяртайце ўвагу на маркіроўку некаторых тавараў

 Не ўвесь пластык у нашай краіне перапрацоўваецца. Таму найлепей выбіраць прадукты ва ўпакоўцы з маркіроўкай PET, PETE ці 1; HDPE, LDPE, PE ці 2; PP ці 5, — якую можна выкінуць у спецыяльны кантэйнер для раздзельнага збору смецця (для пластмас).

Такую маркіроўку можна сустрэць на бутэльках ад напояў, піва, малака, алею, воцата, на ёмкасцях з-пад шампуняў, геляў, крэмаў, а таксама на тары ад мыючых і чысцячых сродкаў, вадкіх сродкаў.

 

Сокам у тэтра-паках аддавайце перавагу свежавыціснутым

 Пачніце рабіць сокі самі і адмоўцеся ад тэтра-пакаў, якія не перапрацоўваюцца ў нашай краіне, з'яўляючыся шматслойнай упакоўкай. Ці аддайце перавагу сокам у шкле.

 

Прадукты бываюць не толькі на паліцах крамаў

Магчыма ў вас ля дома ёсць рыначак ці кірмаш, дзе можна набыць тыя ж яйкі, але запакаваць іх у свой кантэйнер. Ці бабулі і дзядулі ніколі залішні раз не прапануюць вам поліэтыленавы пакет для садавіны. Асабліва прымальны такі варыянт у летне-восеньскі сезон.

 

Экалагічныя сродкі гігіены

 Ватныя палачкі і пракладкі — паўсядзённыя сродкі гігіены, ад якіх цяжка адмовіцца сёння. Але гэта таксама з якога боку паглядзець!

Дактары, напрыклад, рэкамендуюць не часціць з ватнымі палачкамі, бо яны могуць прынесці нашаму ўнутраняму вуху больш шкоды, чым карысці. Найлепшым будзе пры прыёме душа акуратна прамываць вушныя каналы мылам.

Тое ж і з пракладкамі. І калі для «на кожны дзень» пакуль альтэрнатывы не знайшлі, то вось пры месячных можна паспрабаваць скарыстацца менструальнай чашай.

 

Касметыка без пластыка

Як не дзіўна, але пластык ўжо ёсць нават у касметыцы. І небяспечны ён тым, што гэта мікрачасціцы, якія не столькі наносяць шкоды нашаму арганізму напрамую, колькі наваколлю ў цэлым, «вяртаючыся» да нас у харчовых прадуктах.

Карысныя парады ад Цэнтра экалагічных рашэнняў:
уважліва чытайце склад касметыкі і выбірайце сродкі з натуральнымі аналагамі гранул мікрапластыка (костачкамі абрыкосу, маліны, клубнікі, валокнамі люфа); 
прытрымлівайцеся інструкцыі па выкарыстанні касметыкі: не «з'ядайце» памаду, а змывайце увесь свой мэйк-ап.

 

Яшчэ добрым выйсце будзе навучыцца рабіць касметыку сваімі рукамі.

 

ШТО НЕ ПЕРАПРАЦОЎВАЕЦЦА і лепш не выкідаць у спецыяльны кантэйнер:

  • упакоўка тэтра-пак;
  • цюбікі з-пад зубной пасты;
  • зубныя шчоткі;
  • упакоўка ад маянэза і кетчупа з крышачкай (аднак саму крышачку можна здаць на перапрацоўку);
  • бліскучая ўпакоўка з-пад чая і кавы (таму  можна паспрабаваць купляць чай на вагу ў сваю тару);
  • упакоўка ад чыпсаў;
  • аднаразавы посуд;
  • пенапласт;
  • канцэлярскія тавары;
  • памперсы і пракладкі;
  • упакоўка з маркіроўкай: C/PAP, C/LDPE, C/ALU ці лічбавымі кодамі ад 80 да 94;
  • упакоўка з маркіроўкай PS ці 6.

 

ШТО МОЖНА ЗДАЦЬ У ПЕРАПРАЦОЎКУ, выкінуўшы ў жоўты кантэйнер:

  • Упакоўка з маркіроўкай:  PET, PETE ці 1; HDPE, LDPE, PE ці 2; PP ці 5
  • поліэтыленавыя пакеты;
  • поліэтыленавая плёнка;
  • пластмасавыя крышачкі, вёдры, тазікі і каністры.

 

Інструкцыя падрыхтаваная па матэрыялах Зялёнага партала, Цэнтра экалагічных рашэнняў і МГА “Экапарнёрства”.

 

 

Автор:
Фотограф:
Антон Суряпин
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость