Фарты-2: Вандроўка паміж балотамі, царквой і кансулятам
Працягваем шпацыр па «Фартах». Гэтым разам перабіраемся крыху на ўсход — «Фарты-2». Сваім з'яўленнем раён мае дзякаваць рабочым інтэрнатам, якія былі збудаваныя яшчэ ў сярэдзіне 1960-х і былі першымі тут будынкамі. Скончыўшы папярэднюю вандроўку на канцы вуліцы Урублеўскага, тут і працягнем наступную. З цэнтра Гродна сюды можна дабрацца аўтобусамі № 8 альбо № 15 — гэтаксама традыцыйна з савецкіх часоў едзем на канечную.